У Віцебскай вобласці двое мужчын затрыманыя за здзелку са зброяй



У Віцебскай вобласці двое мужчын заключаныя пад варту за незаконную здзелку са зброяй, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Упраўленне СК па Віцебскай вобласці расследуе крымінальную справу, распачатую паводле матэрыялаў праверкі супрацоўнікаў 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС у дачыненні да 63-гадовага і 35-гадовага мужчын, жыхароў Дубровенскага раёна і Оршы адпаведна. Мужчыны займаліся незаконным абаротам агнястрэльнай зброі і былі затрыманыя падчас здзяйснення здзелкі па месцы жыхарства аднаго з падазраваных у Дубровенскім раёне.

Сярод зброі, якую збылі мужчыны грамадзянам, — пісталет тыпу ПММ калібру 9 мм, выраблены самаробным спосабам са складовых частак рознай зброі, з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы і пісталет Beretta калібру 9 мм. Згодна з заключэннем балістычнай экспертызы, гэтыя пісталеты з’яўляюцца наразной агнястрэльнай зброяй і прыдатныя для стральбы. Была канфіскаваная і іншая зброя, адносна якой зараз праводзіцца балістычная экспертыза.

63-гадовы мужчына — пенсіянер, 35-гадовы нідзе не працуе, раней быў судзімы на падставе ч. 3 арт. 281 КК (незаконная здабыча рыбы).

Абодвум затрыманым выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі).

belapan.by