У «віцебскіх Курапатах» урачыста адкрылі новы помнік
«Віцебскімі Курапатамі» называюць лясны масіў каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Тут у 2014-м і 2017-м гадах мясцовыя жыхары знайшлі чалавечыя парэшткі, верагодна, выкінутыя з масавых пахаванняў «чорнымі капальнікамі». Паводле старажылаў, у гэтым лесе ў 1930-я гады адбываліся сталінскія расстрэлы. Актывісты ствараюць тут самаробны мемарыял, бо ўлады за ўсе прамінулыя гады так і не прызналі, што знойдзеныя ў лесе чарапы і косткі – гэта парэшткі ахвяраў сталінізму.
У лясным масіве ўсталяваныя 32 крыжы ў памяць пра загінулых: жалезныя – на ўваходзе ў лес, і драўляныя – на месцах брацкіх магіл, з якіх на экспертызу былі вывезены чалавечыя косткі. Але 52-гі пашуковы батальён працаваў няўважліва, і шмат парэшткаў засталося проста пад нагамі, кажа стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў:
– Мы пахавалі ў труне парэшткі, якія засталіся пасля 52-га батальёну, які неахайна зрабіў сваю працу. Сабралі парэшткі і пахавалі іх тут. За гэта мяне судзілі і аштрафавалі. І мы ўсё думалі, дзе б знайсці магчымасць, каб зрабіць гэтае месца вартым памяці загінулых людзей.
Магчымасць надарылася нечакана: Ян Дзяржаўцаў звярнуўся ў фірму рытуальных паслугаў, каб замовіць шыльду. І распавёў гісторыю пра «віцебскія Курапаты». Прадпрымальнік Аляксандр Швейба кажа, што быў настолькі ўражаны, што прапанаваў за ўласныя сродкі добраўпарадкаваць гэтае месца і бясплатна зрабіць помнік:
– Я адразу для сябе вырашыў, што тут павінны быць годны комплекс. Я зрабіў эскіз, прапанаваў сваім работнікам, і яны з задавальненнем пагадзіліся. Працавалі 5 чалавек, у свае выходныя – па нядзелях. І выканалі ўсе працы ўсяго за два дні.
На адкрыццё помніка сабраліся госці з Менску – актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, а таксама аршанцы – прадстаўнікі ініцыятывы нашчадкаў ахвяр сталінізму «КабылякІ. Расстраляныя ў Воршы», віцябляне і жыхары бліжэйшых вёсак, дзе аповеды пра расстрэлы ў лесе перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Асвяціў помнік ксёндз Віктар Місевіч.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя