У Віцебскім раёне з рэек сышлі 18 цыстэрнаў з прапанам



Як паведамляе прэс-цэнтр Беларускай чыгункі, 24 ліпеня ў 18 гадзін 14 хвілін на перагоне Замасточча — Багушэўская ўчастка Орша — Віцебск пры руху грузавога цягніка № 2029 у складзе 68 вагонаў адбыўся сход 18 цыстэрнаў, гружаных звадкаваным газам.

Да месца неадкладна былі накіраваныя падраздзяленні МНС. Было праведзена абследаванне цыстэрнаў на прадмет магчымай уцечкі прапана.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, уцечка не выяўленая, пацярпелых няма. На месцы аператыўна пачаты аднаўленчыя работы.

Рух пасажырскіх цягнікоў часова арганізаваны па змененых маршрутах. Прымаюцца меры па дастаўцы пасажыраў аўтатранспартам.

Прычына здарэння высвятляецца. Для расследавання інцыдэнту створана спецыяльная камісія.

Трэба адзначыць, што гэта ўжо другое надзвычайнае здарэнне на БЧ за апошні час: 15 ліпеня на перагоне Крупкі — Прыяміна з рэек сышлі сем вагонаў грузавога цягніка Ворша — Менск.

Фота МНС