У Віцебскім судзе разгледзяць скаргі незалежных журналістаў
Адразу два суды ў розных месцах пройдуць 31 студзеня над незалежным журналістам з Глыбокага Змітром Лупачам. У абласным судзе ў Віцебску будзе разглядацца яго касацыйная скарга, а ў судзе Докшыцкага раёна – новая адміністрацыйная справа за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Журналісту зноў інкрымінуюць парушэнне заканадаўста па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.
Як кажа Зміцер Лупач, паведамленне пра суд у Віцебску яму прыйшло па пошце, а вось у суд Докшыцкага раёна запрасілі па тэлефоне, не даслаўшы позвы.
-Гэта менавіта ціск на „Белсат”. Я скажу на судзе, што з мяне аднаго тры раёны мала бюджэт папоўняць. Але калі міліцыі няма чым заняцца, хай праманітораць сацыяльныя сеткі. Мяне абурае, што там столькі ненарматыўнай лексікі. І ім будзе занятак. Хай нават пачытаюць, што дзеці іхныя пішуць у сацсетках. Людзі можа пачалі б думаць, што пішуць.
31 студзеня адначасова ў Віцебскім абласным судзе будзе разглядацца і касацыйная скарга незалежнай журналісткі з Глыбокага Таццяны Смоткінай. Яна, як і Зміцер Лупач, падала скаргу ў абласны суд на снежаньскую пастанову Докшыцкага суда па адміністрацыйнай справе ў адносінах да яе.
Беларускае Радыё Рацыя