У віцебскім тэатры адмянілі спектаклі. У акцёра – каронавірус



На афіцыйным сайце Беларускага Акадэмічнага драматычнага тэатры імя Якуба Коласа з’явілася абвестка пра адмену спектакляў на бліжэйшыя дні. Адміністрацыя ўстановы тлумачыць гэта адмовай гледачоў хадзіць у месцы масавых культурніцкіх імпрэзаў. Тым не менш, яшчэ 27-га сакавіка тут адыгралі прэм’еру, і пра адмену спектакляў не вялося.

Як стала вядома, адзін з акцёраў тыдзень таму быў шпіталізаваны ў лякарню з дыягназам “пнеўманія”. А два дні таму тэст, зроблены яму на наяўнасць каронавірусу, паказаў станоўчы вынік. Хворы спадар сталага веку знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане, падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Увогуле ж на бальнічным знаходзяцца 11 акцёраў, ва ўсіх і розныя дыягназы – ад пнеўманіі да вострых рэспіраторных захворванняў, іхны стан значна лягчэйшы.

Каранцін у тэатры не абвешчаны – працягваюцца рэпетыцыі, але бліжэйшыя спектаклі абвешчаны на 21 і 22 красавіка. Да таго часу ў памяшканні тэатру плануюцца гастрольныя выступы менскага Камернага тэатра.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск