У Віцебску – 12 асуджаных за Дзень Волі



12 працэсаў прайшло ў Кастрычніцкім раённым судзе Віцебска, дзе судзілі затрыманых на акцыях да Дня волі 25 і 26 сакавіка. Справы актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і шараговых грамадзян разбіралі адразу некалькі суддзяў. “Вядомым у апазіцыйным асяродку актывістам, журналістам – давалі суткі, людзям, якія прыйшлі на акцыю і не маюць апазіцыйнай біяграфіі – давалі штрафы”, – расказала нам мясцовая журналістка Алена Сцяпанава:

– Дзвум 20-гадовым дзяўчынам прысудзілі адразу ажно па 20 базавых велічыняў штрафу. Іх справы разглядаў суддзя Царыкаў Уладзімір. А больш вядомых затрыманых каралі адразу суткамі. Журналіст Арцём Сізінцаў атрымаў 10 сутак. Праваабаронец Леанід Свецік – 15 сутак. Незалежнаму журналісту Кастусю Мардзвінцаву таксама прысудзілі 15 сутак. Былі прысуды па 12. Два прысуды – па 13 сутак. Ашаламляльныя прысуды.

Затрыманых ад раніцы чакалі ў судзе журналісты, а таксама сваякі і сябры. Судовая ахова паспрабавала пазбавіцца ад наведнікаў — выклікалі АМАП і міліцэйскае начальства. Прысутных прыстрашылі, што ўсіх адвязуць у міліцыю за арганізацыю несанкцыянаванага сходу ў будынку суда. Судовы разбор яшчэ чакае праваабаронцу Паўла Левінава. Цяпер ён у кардыялагічным аддзяленні шпіталя, куды яго даставілі з ізалятара часовага ўтрымання. Дата суда пакуль не прызначана.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org