У Віцебску абвясцілі чарговы смяротны прысуд



Як стала вядома праваабаронцам, 30 ліпеня Віцебскі абласны суд агучыў чарговы смяротны прысуд Віктару Паўлаву, якога абвінавацілі ў забойстве дзвюх пенсіянерак.

У панядзелак дзяржабвінаваўца запрасіў для яго вышэйшую меру пакарання – расстрэл.

Як паведамляе “Віцебская Вясна”, пракурор Віталь Сузанскі звярнуў увагу, што забойства было ўчыненае асобай, якая ўжо раней здзяйсняла забойства, і гэта ёсць абцяжваючым фактарам.

Забойства было здзейсненае 30 снежня 2018 гадоў ў вёсцы Прысушына Віцебскага раёна. Пяцідзесяцігадовы Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр-пенсіянерак і моцна іх пабіў. Пры гэтым скраў грошы і некалькі бутэлек віна. Праз некалькі дзён целы жанчын былі знойдзеныя.

Абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеянні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як “асабліва небяспечны рэцыдыў злачынства”.

Улічваючы ўсе акалічнасці справы, пракурор запрасіў прымяніць у дачыненні да абвінавачанага  выключную меру пакарання – расстрэл (ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу). 

Віктар Паўлаў з адвакаткай. Фота:

Віктар Паўлаў з адвакаткай. Фота: „Віцебская Вясна”.

У сваю чаргу, адвакатка Паўлава пераконвала судовую калегію (старшынюе суддзя Яўген Даўлюд), што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага, бо мела прэтэнзіі да якасці пабудаванага ім хлява. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны не меў – проста прыйшоў купіць віна, якім гандлявалі жанчыны.

У сваёй прамове адвакатка звярнула таксама ўвагу на змякчальныя абставіны: яе падабаронны супрацоўнічаў са следствам, напісаў яўку з павіннай, раскаяўся. Абаронца прасіла суд даць мужчыну яшчэ адзін шанец на выпраўленне і не прымяняць да яго выключную меру пакарання.

У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаванне і раскаянне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.