У Віцебску адкрылі выставу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Экспазіцыя, якая складаецца з фотаздымкаў і дакументаў, сабраных удзельнікамі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”, размясцілася ў касцёле Езуса Міласэрнага.
Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага:
– Гэтая выстава нараджае ўдзячнасць тым людзям, якія нашу гісторыю, балючую, памятаюць і робяць так, каб яна не была забытая. Не дзеля таго, каб мець у сэрцы помсту да тых, хто гэта здзяйсняў, а каб навучыцца прабачаць, чаму нас навучаў Езус Хрыстус. Навучыцца шанаваць Божы дар, якім ёсць людское жыццё.
На выставе паказвана пяцігадовая гісторыя даследавання аднаго з “расстрэльных месцаў” пад Віцебскам – гэта лясны масіў каля вёсак Хайсы і Дрыколле. У 2014-м годзе мясцовыя жыхары ўбачылі чалавечыя парэшткі, раскіданыя па лесе. Верагодна, гэта былі наступствы пошуку “чорных капальнікаў”, якія шукаюць каштоўнасці і не маюць павагі да чалавечых парэшткаў. У 2017-м годзе было знойдзена яшчэ адно пахаванне невядомых ахвяраў.
Уражанне ад такіх знаходак – жахлівае, кажа ўдзельніца ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” Таццяна Севярынец:
– Калі ты бачыш чалавечыя парэшткі ў вялікай колькасці, калі ты бачыш спрэсаваныя чалавечыя косткі, калі ты бачыш бот, які захаваўся, а чалавека ўжо няма, толькі костка тырчыць – гэта такія ўражанні, што намагчыма перадаць. Гэта ўсё праходзіць праз сэрца.
Паводле галоўнага арганізатара выставы, стваральніка ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”, людзі павінны ведаць пра жахлівыя сведчанні мінулага. А таму экспазіцыя будзе паказана не толькі ў Віцебску, але і ў рэгіёнах вобласці. Удзельнікі ініцыятывы збіраюцца зрабіць фільм паводле ўспамінаў пра сталінскія расстрэлы пад Хайсамі і выдаць друкаваны зборнік сведчанняў відавочцаў трагедыі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя