У Віцебску аштрафавалі збіральнікаў подпісаў за адстаўку дэпутатаў
Пастановы пра штрафы вынесла суддзя Першамайскага райсуду Наталля Карабліна. Студэнтцы віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Юліі Навумавай абвешчана папярэджанне – дзяўчына ўвогуле не збірала подпісы, а прыйшла за кампанію са сваім аднакурснікам.
Яе сябра Цімафея Журкевіча аштрафавалі на 27 рублёў (1 базавая велічыня). Хлопец мяркуе, што Наталля Карабліна прысудзіла яму невялікі штраф, бо палічыла яго шэраговым выканаўцам чужой палітычнай волі:
– Ёй хутчэй за ўсё было цікава знайсці нейкага арганізатара, які стаіць нада мной. Нібыта я нейкі хлопчык на пабягушках, і мне гэта ўсё нехта загадаў рабіць. У мяне такое пачуццё, што ёй хацелася знайсці кіраўніка. І што я гэтым займацца не мусіў, здаецца.
Самага старэйшага з аштрафаваных, прадпрымальніка Сяргея Януковіча, суддзя пакарала штрафам памерам 2 базавыя велічыні. І з тым, што яго палічылі ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі, ён катэгарычна не згодны:
– 1-га верасня калі віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава я збіраў подпісы выбаршчыкаў наконт правядзення схода з дэпутатам. Гэта звычайны збор подпісаў. Ніякага дазволу гэта не вымагае і масавым мерапрыемствам не з’яўляецца.
Збор подпісаў за сходы з дэпутатамі Парламенту, каб тыя далі справаздачу пра працу і распавялі пра сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, праходзіць ужо некалькі дзён. 1-га верасня міліцыянты звярнулі пільную ўвагу на людзей з падпіснымі аркушамі, бо побач праходзіла студэнцкая акцыя салідарнасці супраць фальсіфікацый на выбарах і міліцэйскага гвалту. Разбірацца, хто ў чым бярэ ўдзел, яны не мелі ахвоты. Таму ў пастарунак забралі і людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, і збіральнікаў подпісаў. У выніку пакаралі штрафамі і адных, і другіх.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск