У Віцебску бесперашкодна раздаюць савецкія сцяжкі
«Чаму за бел-чырвона-белыя сцягі караюць, а за савецкія — не?» З такім пытаннем звярнуўся віцебскі праваабаронца Павал Левінаў да начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму.
Віцебскі праваабаронца патрабуе знайсці і пакараць гандляроў сцяжкамі СССР. Ён паведаміў пра факты неаднаразовага з’яўлення невядомых асобаў з чырвонымі сцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком»:
– Дадзеная заява мусіць быць разгледжаная цягам 10 дзён. І па ёй мусіць быць прынятае рашэнне. Не проста так з’явіліся гэтыя савецкія сцяжкі. Мы бачым тое, што зараз адбываецца ва Украіне. На мой погляд, гэта заклік вярнуцца ў мінулае. Увогуле, я лічу, што гэтая акцыя пасягае на нашу нацыянальную бяспеку і суверэнітэт Беларусі.
Праваабаронца просіць, каб начальнік абласной міліцыі ўзяў гэтую справу пад уласны кантроль і накіраваў яе для разбору сваім падначаленым у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі.
Павал Левінаў падкрэслівае, што распаўсюднікі савецкіх сцяжкоў не хаваюцца, дзейнічаюць адкрыта:
– Ужо былі падобныя моманты, калі раздавалі сцяжкі Расейскай Федэрацыі. Я выклікаў на месца супрацоўнікаў міліцыі. Аднак яны адмовіліся нешта зрабіць, сказаўшы, што не бачаць у гэтым ніякага парушэння. Але гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. Ва Украіне адбывалася тое ж самае: у Крыме, ва ўсходніх абласцях краіны навязвалася расейская сімволіка, раздаваліся георгіеўскя стужачкі.
На думку праваабаронцы, дзеянні невядомых падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 — арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота forum.in-ku.com