675 рублёў. Першы штраф за віцебскую акцыю ў падтрымку незалежнасці



Штрафам памерам 25 базавых велічынь у судзе Чыгуначнага раёну быў пакараны Алег Паўлаў. Суддзя Алена Цыганкова прызнала яго парушальнікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакарала паводле ч.1 артыкула 23.34 КоАП.

Пасля таго, як суд не задаволіў шэраг ягоных хадайніцтваў, Алег Паўлаў адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе – адказваць на пытанні суддзі і нешта тлумачыць:

– Удзельнічаць у працэсе, дзе загадзя ўсё вядома, не мае ніякага сэнсу. Усё абсалютна прадказальна, зразумела, рэпрэсіўны станок працуе. Але гэта не значыць, што мы мусім апусціць рукі і спыніць супраціў. Я ж бачыў суддзю, я бачыў, як яна рэагуе: яна цудоўна разумее, што яна робіць, і яна ведае, што за ўсё гэта калі-небудзь давядзецца адказваць.

Алег Паўлаў

Пратакол, складзены на Аляксея Прохарава, яшчэ аднаго ўдзельніка віцебскай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі суддзя вярнула на дапрацоўку. Сёння абласны суд не задаволіў яго касацыйную скаргу, дзе хлопец аспрэчваў пакаранне, прысуджанае яму за рэпост у сацыяльных сетках. Суд Віцебскага раёну кваліфікаваў гэта як заклік на акцыю пратэсту ў Менску, і абласны суд з гэтым пагадзіўся.

Аляксей Прохараў

Цяпер пратакол на Аляксея Прохарава будзе складзены як за паўторнае правапарушэнне. Але ён кажа, што гатовы і да больш суровага пакарання:

– Быў маральна падрыхтаваны, таму што бачыў, як у нас апазіцыю б’юць. Быў гатовы і да “сутак”, але зараз самае галоўнае, каб усё вось гэта – усе нашыя пакуты – не былі дарэмнымі. Каб мы сабраліся з сіламі і зрабілі нашу краіну лепшай. Каб жылося нам лепш тут!

Суды над удзельнікамі акцыі ў падтрымку суверэнітэту краіны будуць працягвацца і заўтра, і ў некалькі бліжэйшых дзён. Апрача як за ўдзел, некалькі чалавек атрымалі пратаколы за заклікі прыйсці 29 снежня на Плошчу перамогі ў Віцебску. У той дзень на плошчы сабралася паўтара дзясяткі чалавек, яны сталі жывым ланцугом, трымаючы ў руках сцягі, плакаты і слова “Незалежнасць”, складзеныя з раздрукаваных на белай паперы чырвоных літар.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

У Віцебску адбыліся суды не толькі за акцыі пратэсту, але і за заклікі да іх.

З 15-га студзеня ў Віцебску пачынаюцца суда над удзельнікамі акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі” і ў падтрымку незалежнасці Беларусі, якая прайшла 29 снежня мінулага году. Але адміністрацыйныя справы паводле артыкула 23.34 КоАП віцебскія міліцыянты распачынаюць не толькі за ўдзел, але і за заклікі падтрымаць прыхільнікаў суверэнітэту краіны.

Пратакол, складзены за рэпост аб’явы пра акцыю 29 снежня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, атрымала жыхарка Віцебску Наталля Спірыдонава. Прычым пратакол яна атрымала па пошце 14 студзеня, а суд, як напісана ў дакуменце, адбыўся яшчэ 9-га. Ці адбыўся судовы працэс насамрэч, Наталля Спірыдонава не ведае. Прынамсі, ніякіх папер з суду яна не атрымлівала.

Падобны пратакол атрымала і віцебская блогерка Алена Янушкоўская. Яе таксама звінавацілі за тое, што яна агітавала гараджан далучыцца да акцыі ў сацыяльных сетках. Дату суду за гэта блогерка не ведае, але пераканана, што ўсё зрабіла слушна:

– Кожны чалавек, кожны беларус павінен бараніць сваю краіну. І кожны павінен стаяць на плошчы і крычаць сваё “Не!” Ведаю, што многія людзі лічаць гэтак сама, як і я. Але не ўсе яны гатовы сказаць пра гэта гучна, змагацца з гэтым. Я ж больш трываць не жадаю.

За ўдзел у віцебскай акцыі ў падтрымку дзяржаўнай незалежнасці Алену Янушкоўскую будуць судзіць 21 студзеня. На мінулым тыдні блогерку двойчы аштрафавалі за ўдзел у менскіх пратэстных акцыях 20 і 21 снежня: ёй прысуджаны два штрафы па 30 базавых велічынь (810 рублёў) кожны.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя