У Віцебску будуць судзіць жанчыну, у якой пасля родаў памерла дзіця



Завершанае расследаванне па справе аб смерці дзіця пасля дамашніх родаў у Віцебску. 30-гадовая жанчына знаходзілася на ўліку ў жаночай кансультацыі, але адмовілася звяртацца ў раддом. Першае дзіця яна таксама нарадзіла дома. Другое дзіця памерла неўзабаве пасля нараджэння. Медыкі не змаглі яму дапамагчы.

Згодна са звесткамі следчых, лекары жаночай кансультацыі прызначылі цяжарнай медыкаментознае лячэнне. Аднак яна адмовілася ад прымянення медыкаментаў і правядзення шэрагу важных даследаванняў.

17 лютага 2017 года акушэр-гінеколаг прапанавала ёй шпіталізацыю ў радзільню, але жанчына зноў адмовілася, хоць яе папярэджвалі аб небяспецы.

Пацыентка заявіла, што жадае нарадзіць дзіця дома, грунтуючыся на папярэднім вопыце. Медыцынскай адукацыі яна не мае, рашэнне прымала зыходзячы з асабістых перакананняў.

Увечары 17 лютага жанчына нарадзіла дома жыццяздольную дзяўчынку. Але медыкаў пра гэта не апавясціла. У дзіцяці развілося ўскладненне ў выглядзе аспірацыі каляплоднымі водамі. У бальніцы дзіця можна было выратаваць. Але па медыцынскую дапамогу маці звярнулася занадта позна.

У Следчым камітэце адзначаюць, што парадзіха магла прадбачыць такія наступствы. Пра іх яе неаднаразова папярэджвалі лекары.

Рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія праводзіла жанчына, былі некваліфікаваныя і толькі пагоршылі стан дзіцяці. Пасля таго як парадзіха зразумела, што самой ёй не справіцца, папрасіла сваю маці выклікаць „хуткую”.

Брыгада хуткай меддапамогі, агледзеўшы нованароджаную, неадкладна транспартавала яе ў рэанімацыю. Дзяўчынку спрабавалі выратаваць па дарозе ў раддом. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, дзіця памерла.

Прыроджаных парокаў развіцця і захворванняў, якія маглі б паслужыць прычынай смерці, пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы выяўлена на было.

Трыццацігадовай маці выстаўленае абвінавачанне па факце прычынення смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК — да трох гадоў абмежавання або пазбаўлення волі).

Штогод у Беларусі 100—150 жанчын нараджаюць дзяцей па-за медустановамі. Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, 90% гэтых жанчын пасля трапляюць у бальніцы з-за розных ускладненняў.

Аказанне акушэрскай дапамогі дома незаконнае, у Беларусі ні адзін медработнік не мае ліцэнзіі на родадапамогу дома. Бацькоўскія правы ў адносінах да дзяцей, народжаных па-за медустановай, усталёўваюцца праз суд.

belapan.com