У Віцебску чакаюць судоў над каардынатарамі “Страны для жизни”
У нядзелю перад пачаткам збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай быў затрыманы Аляксей Саламаненка, і пра затрыманне сябрам паведаміла ягоная жонка.
Пазней затрымалі Алега Баразну, які прывёз абсталяванне для пікета. Частка абсталявання знікла, кажа актывіст Павел Шаўчэнка:
– Ён напісаў у чаце, што яго затрымалі. Калі мы апоўдні прыехалі ставіць намёт, то ўбачылі, што палова запчастак ад палаткі валяецца на пляцоўцы. Сцягоў няма, стэнда няма. Відаць, калі ён збіраўся ставіць намёт, схапілі і гвалтам завезлі.
У чым вінавацяць затрыманых, невядома. Пра гэта можна будзе даведацца толькі ў судзе, калі на яго ўдасца трапіць. Час пачатку працэсаў і нават у судах якіх раёнаў яны пройдуць, ніхто не ведае. Судзіць актывістаў, найверагодней, будуць праз Skype і ў суды не павязуць увогуле.
Аднадумцы мяркуюць, што міліцыя імкнулася сарваць збор подпісаў, затрымаўшы каардынатараў. Але пікет адбыўся, перад прысутнымі выступаў Павел Севярынец, а да збіральнікаў подпісаў сабралася даўжэзная чарга. Людзі паказалі, як ім надакучыў Лукашэнка, лічыць хлопец з гэтай чаргі:
– Па маіх разліках, тут больш за тысячу чалавек, а гэта ж чарга, людзі мяняюцца, пасоўваюцца…Калі Лукашэнка гаворыць, што Віцебск яго любіць і яго падтрымлівае, гэта хлусня! Бо гэта відавочна – людзі ад яго стаміліся, людзі прыйшлі, людзі хочуць хто падпісацца, хто выказацца, хто проста паслухаць. Віцебск падняўся, як і ўся Беларусь.
Усё, што адбывалася на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра “Марка-сіці”, здымаў на відэакамеру міліцыянт у цывільным. Праз паўтары гадзіны ад пачатку пікета на пляцоўцы з’явіўся міліцыянт у форме і заявіў, што тут адбываецца несанкцыянаваны мітынг. Але людзі адмовіліся разыходзіцца, і міліцыянту давялося цішком сысці, нікога не затрымаўшы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск