У Віцебску дзвюх дзяўчат судзяць за белыя і чырвоныя кветкі
У мінулую суботу, 23-га студзеня, Ганну Каваленку і Алену Філіповіч затрымалі супрацоўнікі райаддзела міліцыі Кастрычніцкага раёну. Як потым напісалі ў пратаколе, дзяўчаты “зладзілі шэсце ад дома №36 да дома №40 па вуліцы Леніна, трымаючы ў руках кветкі на знак пратэсту супраць зняволення палітвязняў”.
У Алены Філіповіч быў букет белых хрызантэм з адным чырвоным гваздзіком, у Ганны Каваленкі – толькі белыя хрызантэмы. За гэта на іх зладзілі аблаву, распавялі дзяўчаты:
– На нас набеглі чалавек 10, з двух бакоў, звязалі нам рукі. Пыталіся ў нас : ”Ну што, дабегаліся?” Ніхто з іх не прадставіўся, упіхнулі ў машыну, і ўсё.
– Спачатку нас павезлі ў РАУС для высвятлення асобаў. Сказалі, што высветляць і адпусцяць. Мы не супраціўляліся, добра, паедзем. Але потым трымалі 13 гадзін у боксе пасля высвятлення асобаў і завезлі ў ІЧУ.
Пад вартай Ганна Каваленка і Алена Філіповіч правялі амаль двое сутак. У панядзелак, 25-га студзеня, суддзя Кастрычніцкага райсуду Уладзімір Царыкаў пачаў судзіць іх праз Скайп. Ён пастанавіў дакументы накіраваць на дапрацоўку ў міліцыю, бо пратаколы былі складзены з памылкамі. Дзяўчат выпусцілі, перад тым забраўшы ў іх тэлефоны – маўляў, у заклад, што яны заплацяць прысуджаны штраф. Працяг суду адбыўся 29-га студзеня, але выніку няма: суддзя другі раз накіраваў матэрыялы на дапрацоўку. Маёмасць дзяўчатам так і не вярнулі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск