У Віцебску і Воршы бастуюць таксоўшчыкі



Раніцай 31-га студзеня віцебскія і аршанскія кіроўцы з кампаніі „Яндэкс.Таксі” пачалі забастоўку.

Ім не падабаецца цяперашняе фармаванне тарыфаў на таксі, яны хочуць вяртання ранейшых умоваў працы. На самым пачатку працоўнага дня дзясяткі аўтамабіляў кампаніі-перавозчыка з’ехаліся ў раён аршанскай лядовай арэны. У ядры пратэстаў гучалі заклікі нікуды не раз’язджацца, трымаць адзінства страйку:

– Па горадзе вышукваем, запрашаем усіх сюды. Выклікалі таксі, кіроўца прыняў, тэлефануем яму, паведамляем, што сёння такі рух, не адмяняем паездку. Кіроўца стаіць адназначна сем хвілін, на выпадак калі ён захоча далей працаваць. Ну і час падумаць, прыехаць яму сюды ці не.

– Усе стаім, ніхто, нікуды не з’язджае. Сёння трэба хоць дзень адстаяць, паглядзець якія будуць дзеянні.

Усяго страйк раніцай сабраў больш за 50 чалавек, машыны таксі занялі ўсю плошчу стаянкі. Адна з удзельніц страйку распавяла, што падштурхнула таксістаў да пратэсту:

– Каб паднялі даплаты якія, знялі літаральна нядаўна. 35 заказаў нам трэба зрабіць напрыклад, калі робіш не 35, а 25 на 80 рублёў, то фірма даплачвае табе даплату да 112 рублёў. Раней было 140 рублёў, знялі да 112, а цяпер ужо знялі 110 у нас. То бок прамежак гэтыя грошы нам не даплачваюцца, а заказаў многа і працаваць нерэальна.

Аршанскія таксоўшчыкі кажуць, што да іх страйку павінны далучыцца і калегі з Віцебску.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота orsha.eu