У Віцебску КДБ шукае ўдзельнікаў „экстрэмісцкіх Тэлеграм-чатаў”
Увечары 7-га ліпеня адбыўся ператрус у мясцовага актывіста Мікалая Качурца. Супрацоўнікі КДБ распытвалі яго пра датычнасць да падрыхтоўкі выбухаў, якія нібыта рыхтаваліся ў Вілейцы: 2-га ліпеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што тым “атрады самаабароны” спрабавалі падарваць вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расеі.
Пасля ператрусу ў яго забралі ўсё аргтэхніку, распавёў Мікалай Качурэц:
– Прыехалі трое “кадэбэшнікаў”, сказалі, што я з’яўляюся ўдзельнікам “экстрэмісцкіх Тэлеграм-чатаў”. І забралі ноўтбук, планшэт, два тэлефоны, флэшку з відэакамеры… А потым у КДБ дапыталі, ці ведаю я мадэратараў гэтых груп, і ці атрымліваў я ад іх грошы або нейкія заданні. Я сказаў, што нікога не ведаю, і што ўвогуле падпісаны на 30 ці нават 40 розных чатаў – каб проста ведаць інфармацыю.
Ператрусы і канфіскацыі аргтэхнікі “для праверкі на датычнасць да падрыхтоўкі выбухаў у Вілейцы” працягваюцца ў Віцебску ўжо некалькі дзён. Так, 3-га ліпеня ператрус адбыўся ў кватэры Кірыла Бародзіча, якога таксама звінавацілі ў тым, што ён падпісаны на “экстрэмісцкія Тэлеграм-чаты”. Сярод маёмасці, забранай пасля ператрусу, былі і рэчы каханай дзяўчыны Кірыла, віцебскай грамадскай актывісткі Станіславы Цярэнцьевай. Маладыя людзі палічылі за лепшае пакінуць Беларусь у мэтах асабістай бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск