У Віцебску лекарам прыйшлі на дапамогу студэнты-медыкі



20 студэнтаў 6-га курса Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта працуюць у абласной лякарні. На працу запрашалі выключна добраахвотнікаў. І працуюць яны у якасці сярэдняга медычнага персанала.

Працу студэнтам-шасцікурснікам далі ў пераабсталяванай паліклініцы. Установа змяніла свой профіль падчас эпідэміі каронавірусу: у кабінетах паставілі ложкі, і цяпер тут размяшчаюць пацыентаў у не цяжкім стане або тых, каго ўжо рыхтуюць да выпіскі. Для хворых умовы тут не дужа зручныя: імправізаваныя палаты атрымаліся маленькія, праветрыць іх – праблема, бо ў калідор хворым выходзіць не рэкамендавана.

Студэнты 6-га курса – гэта практычна падрыхтаваныя спецыялісты, многія з іх ужо маюць працоўны досвед. Праз два месяцы яны атрымаюць дыпломы і далучацца да прафесійнай дзейнасці ў поўнай меры, а пакуль, працуючы медбратамі і медсёстрамі, яны выконваюць прызначэнні дыпламаваных лекараў.

Паводле кіраўніцтва медуніверсітэта, практыка запрашаць на падмогу студэнтаў ужо не новая: у мінулыя гады падчас эпідэмій грыпу маладыя людзі таксама працавалі ў віцебскіх лякарнях. Студэнты атрымліваюць заробкі адпаведна штатнаму раскладу, а цяпер маюць атрымаюць і даплаты, абяцаныя медыкам за працу ва ўмовах пандэміі.

Пакуль студэнты працуюць толькі ў адной віцебскай лякарні. Запытаў з іншых медычных установаў пакуль не было, і ў іншыя рэгіёны вобласці студэнтаў пакуль не накіроўваюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск