У Віцебску ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Алмаз»



Рашэннем Віцебскага абласнога суда 24-га кастрычніка было прымусова ліквідаванае Міжнароднае грамадскае аб’яднанне рэабілітацыі падлеткаў, людзей з інваліднасцю і сталага ўзросту «Алмаз». Ініцыятарам такога рашэння стала кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі, піша «Віцебская Вясна».

«Алмаз» быў зарэгістраваны ў лютым 2000 году. Кіраўніцтва і сябры арганізацыі садзейнічалі ў вырашэнні пытанняў сацыяльна-медыцынскай дапамогі і працоўнай рэабілітацыі падлеткаў, людзей з інваліднасьцю і пажылога ўзросту.

Для дзяцей і моладзі сябры грамадскага аб’яднання і валанцёры праводзілі аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дазваляла пажылым людзям і людзям з інваліднасцю пашырыць сацыяльныя кантакты або атрымаць псіхалагічную дапамогу.

Таксама грамадскія актывісты аказвалі сацыяльна-бытавую дапамогу, садзейнічалі рэабілітацыі і працоўнай занятасці такіх людзей.