У Віцебску людзі ўсё ідуць да імправізаванага мемарыяла Раману Бандарэнку



Плынь мясцовых жыхароў не спыняецца нават у цемры. Пранеслася чутка, што імправізаваны мемарыял – фотаздымкі, свечкі, кветкі – знішчаны. 

На справе  высветлілася, што ўсё на месцы, аднак людзі вырашылі не пакідаць без нагляду знакі памяці. Нехта запальвае свечкі, якія хутка згасаюць на ветры, а нехта прыходзіць сюды з кветкамі і доўга стаіць у маўчанні.

За  людзьмі, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку, пільна назіраюць міліцыянты. Яны стаяць на ўзвышку  і  ўглядаюцца ў тое, што робіцца каля помніка воінам-„афганцам” – менавіта тут, ля падножжа скульптуры пад  назовам “Боль”, ствараецца імправізаваны мемарыял.  Міліцыянты ў цывільным вартуюць усе падыходы да помніка. Непадалёк прыпаркаваны міліцэйскія аўто і некалькі “бусікаў”, у якія звычайна забіраюць затрыманых. Супрацоўнікі  ДАІ дзяжураць на ўсіх пад’ездах да помніка, які месціцца на скрыжаванні вуліцы Чкалава і вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў.  Але пакуль прэтэнзій да жыхароў Віцебска супрацоўнікі міліцыі не выказваюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск