У Віцебску міліцыя затрымлівала журналістаў і выкарыстоўвала слезацечны газ



Яшчэ да пачатку маршу  мірнага пратэсту супрацоўнікі Першамайскага РАУС затрымалі актывістку Таццяну Севярынец. Міліцыянты чакалі яе ў двары, і ледзь толькі спадарыня Таццяна выйшла на вуліцу, яе пасадзілі ў машыну і павезлі ў пастарунак. На волю яна выйшла праз тры гадзіны, калі марш у Віцебску ўжо скончыўся. Актывістка паведаміла, што ў міліцыі яе пазнаёмілі з чарговым адміністрацыйным пратаколам – за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі яшчэ 6-га верасня. А так доўга трымалі знарок, каб  яна не далучылася да маршу, мяркуе Таццяна Севярынец.

Некалькі гадзінаў у Першамайскім РАУС былі вымушаны правесці і віцебскія журналісты Таццяна Мацьвеева, Алесь Пілецкі і Сяргей Серабро. Іх таксама затрымалі яшчэ да пачатку шэсця, але праверылі дакументы і адпусцілі. Усяго падчас мірнай акцыі былі  затрыманы каля двух дзясяткаў чалавек, паведамляюць праваабаронцы. Дакладных дадзеных пра імёны і прозвішчы затрыманых, а таксама пра тое, ці адпусцілі іх з пастарункаў, пакуль няма.

Віцебскі АМАП тройчы выкарыстоўвала супраць пратэстоўцаў слезацечны газ, спыняючы калону ў розных месцах горада. Тамсама адбываліся і затрыманні, прычым людзі з калоны спрабавалі абараняць сваіх аднадумцаў. Верагодна, 5 кастрычніка над затрыманымі падчас нядзельнага маршу адбудуцца суды.

Удзельнікі мірнага пратэсту адзначаюць, што апошняе шэсце супрацоўнікам міліцыі сарваць не ўдалося. Хаця ў мінулую нядзелю праз масавыя затрыманні ў розных раёнах горада акцыя так і не адбылася.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск