У Віцебску мітынгу ў Дзень Волі не будзе – няма грошай
Аргкамітэт святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў адмовіцца ад мітынгу ў Віцебску, бо гарадскія ўлады запатрабавалі заплаціць за паслугі па абслугоўванні непад’ёмную суму, паведаміў сябра рады руху „За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў.
Заяўка на правядзенне ў горадзе мітынгу і канцэрта была накіраваная ад імя мясцовай суполкі Партыі БНФ 7 сакавіка. „Была пададзеная заяўка на мітынг на 30 чалавек, якіх збіраліся ахоўваць 10 міліцыянераў, чатыры з іх малодшага каманднага складу і шэсць — старэйшага”, — сказаў Жаляпаў, якога цытуе прэс-служба руху.
За такія паслугі, паводле яго слоў, міліцыя запатрабавала 500 рублёў, а калі ўлічыць іншыя выплаты за паслугі медыкаў і камунальнікаў, агулам атрымлівалася прыблізна 700 рублёў.
„Такая сума — гэта ці правакацыя, ці здзек. Адміністрацыя, пэўна, ведала, што такіх грошай мы не маем”, — заявіў сябра рады.
У выніку фармат святкавання у Віцебску будзе зменены: удзельнікі ўскладуць кветкі да помнікаў Альгерду і Уладзіміру Караткевічу, памятнай дошкі ў гонар Васіля Быкава, а пазней адбудзецца канцэрт у кавярні.
25 сакавіка дазволеныя мерапрыемствы пройдуць у Берасці (мітынг) і Гародні (мітынг і канцэрт). У Магілёве мясцовыя ўлады не санкцыянавалі пікет у цэнтры горада — святкаванне абмяжуецца канцэртам у грамадскім цэнтры “Кола”. Адбудзецца таксама малебен за Беларусь у касцёле. Гомельскія ўлады адмовілі ў памяшканні для канцэрта ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР.