У Віцебску мужчына засуджаны да 1,5 года „хіміі” за каментар у інтэрнэце
У Віцебску мужчыну асудзілі за каментар у сацсетцы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе суда.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2016/05/3922141dc75449f998b81493420de592-833x400.jpg)
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў чэрвені 2020 года з мабільнага тэлефона ў сацыяльнай сетцы на агульнадаступнай старонцы пад публікацыяй у дачыненні да інспектара ДАІ Ганцавіцкага раёна размясціў абразлівы каментар «які змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, што прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў».
У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну прызнаў.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 369 КК Беларусі («Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў») і прысудзіў да 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэлефон, які належыць яму, канфіскавалі.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны.
![](/wp-content/uploads/2022/04/racyja_app_1200x300.jpg)