У Віцебску напісалі дыктоўку ў памяць пра Караткевіча



Дзень роднай мовы ў Віцебску адзначылі невялікім канцэртам і традыцыйнай дыктоўкай у віцебскай абласной бібліятэцы. Імпрэзу падрыхтавала абласная рада Таварыства Беларускай Мовы з удзелам віцебскіх студэнтаў – будучых настаўнікаў-філолагаў.

Урывак для дыктоўкі абралі адмыслова, распавяла старшыня абласной рады ТБМ Марына Белахвостава:

 – Гэта ўрывак з “Леаніды не вернуцца да Зямлі” нашага земляка, аршанца Уладзіміра Караткевіча. Мінулы год быў юбілейны, адзначалі яго 90-годдзе. Тым больш, такое надвор’е  – былі маразы, а тут такі тэкст, які набліжае нас да вясны. Таму – чакаем вясну!

Сярод жыхароў Віцебска, якія прыйшлі напісаць дыктоўку, былі і тыя, хто робіць гэта штогод на знак адданасці роднай мове, і моладзь, якая далучылася да традыцыі толькі сёння. Дзень роднай мовы – гэта асаблівае свята, кажа выпускніца Верхнядзвінскай гімназіі, а цяпер студэнтка віцебскага ўніверсітэта Дзіяна Галавач:

– У школе гэта быў мой самы любімы дзень, таму што ў гэты дзень усе размаўлялі на беларускай мове, кожны настаўнік пачынаў свой урок з беларускага верша. І сёння я прыйшла напісаць дыктоўку, бо гэта добрая нагода праверыць сябе ў беларускай мове – як я яе ведаю.

Летась напісаць агульнанацыянальную дыктоўку прыходзілі нават чыноўнікі Віцебскага аблвыканкама – такім чынам яны імкнуліся прадэманстраваць, што нацыянальныя каштоўнасці для іх не чужыя. Сёлета ніводнага прадстаўніка мясцовых уладаў у ліку ўдзельнікаў не было.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск