У Віцебску некалькі класаў пераведзеныя на дыстанцыйнае навучанне
У Віцебску два класы сярэдняй школы № 44 і група аднаго з каледжаў часова пераведзеныя на дыстанцыйнае навучанне, паведаміла журналістам прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
„На 14 дзён дзяцей пакінулі дома. Навучальны працэс не перапынены — яны атрымліваюць заданні ад настаўнікаў і выконваюць іх дома”, — адзначыла яна.
Прафілактычныя меры ў школе і каледжы прынятыя мясцовымі ўладамі згодна з санітарна-эпідэмічнымі патрабаваннямі, прычына такіх дзеянняў не называецца.
Як паведамлялася раней, трэці выпадак каронавіруса COVID-19 быў выяўлены ў віцяблянкі, якая нядаўна вярнулася з Італіі. Цяпер яна знаходзіцца ў інфекцыйнай бальніцы. Клінічных сімптомаў захворвання ў жанчыны няма, яе стан лячэння не патрабуе. Яе муж і чацвёра дзяцей таксама знаходзяцца ў бальніцы пад наглядам.
У Менску на каранціне ў гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы знаходзяцца яшчэ два пацыенты з каранавірусам. Клінічных праяў захворвання ў іх таксама няма.
На брыфінгу 2 сакавіка галоўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава паведаміла, што Міністэрства аховы здароўя не плануе ініцыяваць адмену масавых мерапрыемстваў і закрываць на каранцін установы адукацыі. „Мы не ставім такой задачы, для гэтага няма падстаў”, — заявіла Жукава.
belapan.by