У Віцебску – новыя штрафы за падтрымку незалежнасці Беларусі



Штраф памерам 648 рублёў (24 базавыя велічыні) прысуджаны Наталлі Трошчанка, на 594 рублі (22 базавыя велічыні) аштрафаваны Юрый Мазкоў.

Абодва працэсы прайшлі ў судзе Чыгуначнага раёна. Суддзя Алена Грабянчук асудзіла Наталлю Трошчанка завочна, бо дзяўчына напісала заяву, што ў судзе прысутнічаць не будзе:

– Таму што я не давяраю такому суду і такім суддзям у псеўдадэмакратычнай краіне, якім зверху Лукашэнка даў загад, што і як рабіць, каму штраф даваць ці садзіць на суткі за любоў да Радзімы. На плошчу я выходзіла з такімі думкамі, што я лічу сваім абавязкам адкрыта выказваць сваё меркаванне. Таму я не прызнаю такі суд.

Наталля Трошчанка выйшла на акцыю ў падтрымку незалежнасці Беларусі з бел-чырвона-белым сцяжком.

А Юрый Мазкоў разгарнуў дзяржаўны, чырвона-зялёны. Ад штрафу гэта не ўратавала: суддзя Святлана Варатынская прызнала і яго парушальнікам заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы, і таксама пакарала паводле ч.1 артыкула 23.34 КаАП.

Заўтра ў судзе Чыгуначнага раёна пройдуць яшчэ два судовыя працэсы над тымі, хто 29 снежня выйшаў на віцебскую Плошчу перамогі, склаўшы слова «незалежнасць» – з чырвоных літар на белых аркушах паперы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск