У Віцебску паабяцалі прыпыніць будаўніцтва Сафійскага сабора
У Віцебску працягваецца змаганне супраць будаўніцтва на грошы “Газпрама” Сафійскага сабора на тэрыторыі сучаснага парку па вуліцы Чэхава. У горадзе нават створаны адмысловы нефармальны грамадскі камітэт. Абласная кіраўніца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Севярынец – сярод ініцыятараў гэтага змагання.
“Першую перамогу нібыта мы атрымалі, – паведаміла грамадская актывістка, – на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі гарвыканкама намеснік галоўнага архітэктара Віцебска Леанід Багданаў паведаміў, што будаўніцтва сабора прыпынена”.
– На сустрэчы ніхто дакладна не мог адказаць на пытанні людзей. І тут Багданаў зразумеў, каб людзі супакоіліся, трэба сказаць, што будаўніцтва прыпынена пакуль не знойдзецца кансэнсус паміж ініцыятарамі будаўніцтва з мясцовай епархіі і жыхарамі. Карацей, будуць яны шукаць нейкую згоду.
Леанід Багданаў таксама паабяцаў арганізаваць наступную сустрэчу для абмеркавання гэтага пытання ў памяшканні з мікрафонамі, каб было добра чуваць выступоўцаў.
Людзі ж вырашылі не спыняцца і збірацца па панядзелках каля помніка Уладзіміру Караткевічу, каб раіцца і вырашаць, як адстаяць парк.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя