У Віцебску паказалі „Праўду пра Курапаты”
У арт-цэнтры VZAP адбылася прэзентацыя выставы “Праўда пра Курапаты”, куды ўвайшлі дакументы, фотаздымкі, артыкулы пра сталінскія расстрэлы на паўночна-ўсходнім ускрайку Менску ў перыяд з 1932 па 1941 год. Стваральнікі выставы – грамадзянская ініцыятыва „Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з суполкай „Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай школы, Цэнтру Супольнасць і ГА «Дыярыуш», прафсаюзу РЭП, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, Грамадскага электроннага архіву «Вытокі», Арт-Cядзібы і Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Выставу прэзентаваў журналіст і даследчык Марат Гаравы, які прывёз у Віцебск і сваю кнігу ,,НКВД забіваў у Курапатах”, якая складаецца з 17 тэматычных нарысаў і змяшчае больш за 100 унікальных фотаздымкаў і малюнкаў. Даследчык, які працуе над гэтай тэмай ужо больш за 20 год, бачыць і далейшыя перспектывы:
– Усё тое, што мы робім па вывучэнні і назапашванні ведаў пра Курапаты – гэта аснова будучага музею пра гісторыю Курапатаў, музею гісторыі палітычных рэпрэсій, як ён называецца ў нас афіцыйна. А на мой погляд, дык гісторыі чырвонага тэрору ў шматпакутнай Беларусі.
На думку каардынатаркі БХД Таццяны Севярынец, выставу “Праўда пра Курапаты” варта паказаць наведнікам рэстарацыі “Поедем поедим”, збудаванай практычна на месцы трагедыі:
-Калі не ўнутры рэстарацыі, бо наўрад ці пусцяць, то хаця б у двары. Каб людзі ведалі, куды яны прыехалі! Чаму б не зрабіць гэтую выставу не толькі адукацыйным, але і такім вось практычным праектам, які можа добра ўдарыць па сэрцах і па мазгах?
Выстава “Праўда пра Курапаты” ужо экспанавалася ў шэрагу гарадоў Беларусі і за яе межамі. А кніга ,,НКВД забіваў у Курапатах” карыстаецца нязменным попытам у тых, хто хоча ведаць праўду пра гісторыю краіны. Цяпер, на думку Марата Гаравога, неабходна дамагчыся адмены планаў будаўніцтва нацыянальнага выставачнага цэнтру паміж Курапатамі і „Экспабелам”. Бо новы гмах знішчыць краявідныя кропкі і стане яшчэ адной знявагай народнага мемарыялу.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск