У Віцебску памёр Анатоль Васенда
Не стала загадчыка Летняга амфітэатра ў Віцебску Анатоля Васенды. Музыка стаяў ля вытокаў „Славянскага базара”.
У складзе ансамблю „Сяброў” ён выступаў на фестывалі ў Віцебску ў 1992 г. Два гады таму ў інтэрв’ю нашаму карэспандэнту, якое яшчэ не выходзіла ў эфір, Анатоль Васенда распавёў, што пачынаў сваю кар’еру ў Гомелі. Адным з першых гуртоў з яго ўдзелам у якасці бас-гітарыста стаў хэві-металічны „Саюз”:
– Проста „Саюз” нас і музыкі, нас, як людзей увогуле. Можа быць трохі з элементамі арт.
У другой палове 80-х „Саюз” гастраляваў па Гомельскай вобласці на ўласным фургоне:
– Старэнькі аўтамабіль „ЗІЛ” без кузава, без нічога, але ў яго быў жывы рухавік. Мы дамовіліся на хімічным заводзе, там зварылі нам зваршчыкі вялізны такі фургон. Мы ледзь яго зарэгістравалі, тым не менш нам пайшлі насустрач.
Анатоль Васенда займаў пасаду загадчыка Летняга амфітэатра з 1995 года. Блізкія кажуць, што ён стаў ахвярай каронавіруса.
Беларускае Радыё Рацыя