У Віцебску патрабуюць аднавіць на працы звольненага лекара



Галоўны лекар віцебскай лякарні хуткай медычнай дапамогі быў звольнены 30 красавіка. Многія звязваюць гэта з крытычным матэрыялам, які днямі выйшаў на партале tut.by. Ён мае назоў «Хапіла б сіл і кадраў дажыць да канца», і там распавядаецца пра тое, як віцебскія медыкі працуюць падчас эпідэміі каронавірусу, не маючы часам самых неабходных сродкаў індывідуальнай абароны.

У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя пацвердзілі, што Сяргей Лазар, які кіраваў  віцебскай лякарняй хуткай медычнай дапамогі на працягу апошніх 5-ці гадоў, звольнены. Але патлумачылі, што «працоўныя адносіны былі скасаваныя са згоды бакоў», і што «публікацыя на інтэрнэт-рэсурсе tut.by не мае дачынення да гэтай сітуацыі». Медустанова, якой ён кіраваў, згадвалася  ў беларускіх СМІ яшчэ ў канцы сакавіка. Лекар лабараторнай дыягностыкі  Наталля Ларыёнава змясціла ў сацыяльных сетках допіс пра тое, што сітуацыя з каронавірусам у Віцебску выходзіць з-пад кантролю, і што афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя не адпавядае рэчаіснасці. Да слова, адміністрацыя лякарні не зрабіла аніякіх рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да Ларыёнавай, заўважыўшы, што кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне.

У інтэрнэце разгарнулася цэлая кампанія за аднаўленне на працы галоўнага лекара Сяргея Лазара. Віцебская актывістка Таццяна Севярынец накіравала электронны зварот у Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем аднавіць на працы былога галоўнага лекара лякарні хуткай дапамогі. Бо не ён вінаваты ў тым, што праз СМІ „прыадчынілася забароненая міністэрствам і кіраўніком дзяржавы праўда”. Подпісы пад лістом ў падтрымку звольненага Сяргея Лазара прапанаваў сабраць і сустаршыня арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Калектыўны ліст будзе накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама міністру аховы здароўя Уладзіміру Караніку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск