У Віцебску прайшла акцыя за незалежнасць Беларусі



Каля 15-ці чалавек сталі ланцугом на плошчы Перамогі з невялікімі шыльдачкамі, склаўшы з асобных літар слова «незалежнасць». Два чалавекі ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі, адзін з удзельнікаў разгарнуў сучасны дзяржаўны, чырвона-зялёны сцяг. Яшчэ некалькі ўдзельнікаў трымалі плакаты «Лукашэнка гандлюе краінай. Не-інтэграцыі!», «Лукашэнку-ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі».

Сабраць на плошчы некалькі соцень або тысяч чалавек не было мэтай арганізатараў, патлумачыла ўдзельніца акцыі Таццяна Севярынец:

– Гэта наша рашэнне, некалькіх чалавек, каб выйсці сёння, стаць, і некалькі хвілінаў пастаяць на галоўнай плошчы горада з гэтым заклікам да незалежнасці. Абвясціць, што мы – за незалежнасць. Гэта ў Менску павінна быць шмат людзей, бо гэта сталіца, і там месцяцца ўстановы, у якіх мусяць пачуць людзей. Віцебск проста ў падтрымку.

Акцыя прыцягнула ўвагу міліцыянтаў, якія здымалі ўдзельнікаў на відэа. Верагодна, гэтыя здымкі стануць падставай для новых судовых справаў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але ўдзельнікаў гэта не спалохала. На думку Алены Янушкоўскай, людзі сабраліся тут, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак:

– Кожны чалавек, кожны беларус павінен бараніць сваю краіну. Мы можам страціць незалежнасць. І кожны павінен стаяць на плошчы і крычаць сваё «Не!» Каб гэта пачуў Пуцін і не лез у чужую краіну. У яго свая краіна, а ў нас – свая!

Каля жывога ланцуга час ад часу спыняліся мінакі, некаторыя на колькі хвілінаў станавіліся ў агульны шэраг, выказваючы сваю салідарнасць. Часта сігналілі машыны, якія праязджалі міма. Слова «Незалежнасць» было добра відаць і з другой плошчы, дзе ўсталявана гарадская навагодняя ёлка, вакол якой у нядзелю было асабліва шмат людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск