У Віцебску прайшлі першыя пікеты па зборы подпісаў
На вуліцу Леніна, да гандлёвага цэнтра “Марка-сіці” выйшлі прадстаўнікі дзвюх ініцыятыўных груп – Святланы Ціханоўскай і Сяргея Чэрачня.
Удзельнікі ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня паставілі свой стол якраз насупраць увахода ў гандлёвы цэнтр. Подпісы збіралі двое дзяўчат, па выглядзе студэнткі, але распавесці пра сябе яны адмовіліся. Пікет па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую знаходзіўся трошкі ўбаку, і пакуль удзельнікі прыладкоўвалі стэнд, сваімі ўражаннямі падзяліўся каардынатар Алег Баразна і адміністратарка тэлеграм-чату “Страна для жизни” Юлія Барсукова:
– Такой чаргі, як была ў Менску, у нас пакуль няма, але актыўнасць адчуваецца. Людзі прыходзяць падпісваюцца, распытваюць, цікавяцца. Сяргея Ціханоўскага многія ведаюць, і спецыяльна прыходзяць.
– Вельмі многія прыходзяць і расказваюць пра сваё жыццё. Гісторыі розныя, але бяда ва ўсіх адна: людзям не даюць спакойна жыць.Людзі не тое каб засмучаныя – іх забілі маральна.
Хлопец, які адмыслова паставіў свой подпіс за вылучэння Святланы Ціханоўскай, тлумачыць свой учынак:
Ну, таму што ўсе хочуць перамен нейкіх, хаця б трошкі! Бо адно й тое самае абрыдла ўжо. А тут людзі нармальныя словы кажуць, і пра моладзь клапоцяцца. Бо старэйшае пакаленне сядзіць, і іх усё задавальняе. А для маладых – што? Усе раз’язджаюцца ўжо. Што тут будзе? Год, два, тры пройдуць, а далей што?
Удзельнікі ініцыятыўных групаў спадзяюцца да 19 чэрвеня сабраць неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі іх патрэбна не менш за 100 тысяч.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск