У Віцебску прайшоў Форум недзяржаўных арганізацый



Упершыню ў Віцебску прайшоў Форум НДА (недзяржаўных арганізацый) Віцебшчыны. Ён ладзіўся у Віцебскай абласной бібліятэцы пры падтрымцы Асамблеі няўрадавых арганізацый.

Падчас форуму адбылася прэзентацыя дзейнасці ўдзельнікаў, абмеркаванне найбольш актуальных для вiцебскiх абласных НДА пытанняў. А таксама ладзіліся дыскусія з прадстаўнікамі дзяржаўных структур і майстар-класы па працы НДА са СМІ і прасоўванні іх у сацыяльных сетках.

Паводле аднаго з арганізатараў форуму, каардынатара праектаў сацыяльна-культурнай прасторы Vitebsk4Me Уладзіміра Булаўскага, яны маюць сталую базу кантактаў, як сярод НДА, так і сярод бізнесу і дзяржаўных органаў. Таму на форуме сышліся ўсе інтарэсы.

Адным з ініцыятараў правядзення падобнага форуму была Асамблея няўрадавых арганізацый. Мы як сябры асамблеі падтрымалі гэтую ініцыятыву і ў супрацы з Рэгіянальным рэсурсным цэнтрам, у супрацы з абласной бібліятэкай і абласным упраўленнем культуры змаглі зрабіць такі фармат.

У Форуме НДА ўдзельнічала больш за трыццаць няўрадавых арганізацый Віцебшчыны. Акрамя Віцебска на імпрэзе прадстаўлялі свае арганізацыі жыхары дзесяці гарадоў вобласці.

Паводле Уладзіміра Булаўскага, яшчэ невядома, калі адбудзецца наступны Форум НДА Віцебшчыны. Але калі падобны фармат пакажа сваю жыццяздольнасць, то яго магчыма праводзіць і не ў абласным цэнтры, а ў адным з найбольш зручных для ўсіх гарадоў Віцебшчыны.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі