У Віцебску праходзяць патаемныя суды, людзі шукаюць затрыманых сваякоў



У абстаноўцы поўнай сакрэтнасці ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання праходзяць суды над тымі, каго затрымалі ўчора падчас Марша салідарнасці.

Тэлеграм-канал МУС паведаміў, што было затрымана “больш за 10 чалавек”,  дакладнай інфармацыі пра колькасць затрыманых няма. Сябры і сваякі шукаюць сваіх блізкіх, спрабуючы нешта даведацца ў судах і пастарунках. Так, спадарыня Настасся шукае інфармацыі пра свайго сябра Арцёма, якога затрымалі на вуліцы Леніна падчас сутычкі міліцыянтаў з удзельнікамі маршу:

– Я адцягнуць яго хацела. Але мяне пачалі штурхаць, абражаць, казалі : “Ты прастытутка, мразь, ідзі адсюль, пакуль мы табе ногі не пераламалі”.  А калі іх ужо забралі ў машыну – іх там некалькі чалавек было – то дзверы ўжо зачынілі, а потым зноў адчынілі. І проста ў твар пырснулі яму пярцовым газам,  і зноўку зачынілі.

Паводле афіцыйных паведамленняў МУС, слезацечны газ ужыў нехта з маніфестантаў. Але відавочцы цвердзяць супрацьлеглае – што газ супраць удзельнікаў маршу ўжывалі супрацоўнікі міліцыі. Другі раз гэта адбылося падчас сутычкі на вуліцы Праўды. Міліцыянты збівалі людзей на адным баку вуліцы, а спадарыня Вікторыя спрабавала адбараніць свайго хлопца на другім:

– Наўпрост каля нас спыніўся аўтобус, з яго высыпаліся міліцыянты і пачалі хапаць мужчын. І майго сябра таксама, хаця я стаяла побач і спрабавала яго адцягнуць… На маіх вачох схапілі яшчэ аднаго хлопца. І потым я на дарозе ўбачыла ровар, а кіроўцу, раварыста, за адну нагу цягнулі.

Затрыманага ўладальніка ровара завуць  Аляксандр Кірыленка. Супраць яго распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Калі яго вінаватасць пацвердзіцца, мужчыну  пагражае да 6-ці гадоў зняволення. Суды над затрыманымі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах распачаліся ў ІЧУ, высветліць імёны ўсіх, каго судзяць і будуць судзіць, праваабаронцам і журналістам пакуль не ўдаецца.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск