У Віцебску прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі запрасілі на бясплатны канцэрт



Мітынгу, падобнага тым, што адбыліся ў іншых гарадах, у Віцебску не было: усе прамовы прагучалі ў Летнім амфітэатры – на галоўнай канцэртнай пляцоўцы горада.

За гадзіну да пачатку анансаванага канцэрта людзі пачалі збірацца на плошчы Леніна.  Пад чырвона-зялёнымі сцягамі, а таксама пад сцягамі партыі “Белая Русь”  і  БРСМ сабралася каля паўтары тысячы чалавек. У бальшыні людзі прыйшлі паводле запрашэнняў кіраўніцтва па месцы працы, але былі і сапраўдныя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія прыйшлі добраахвотна. Свае погляды некаторыя дэманстравалі даволі агрэсіўна:  нягледзячы на  прысутнасць міліцыянтаў,  спадарыня год 75-ці выбіла дыктафон з рук  карэспандэнта тэлеканала “Белсат”,  перад тым пагадзіўшыся адказаць на ягонае пытанне. Журналісты збіраюцца падаць заяву ў міліцыю.

Сабраўшыся на плошчы Леніна, людзі калонай рушылі ў цэнтр Віцебска. Але замест абяцанага канцэрта гледачоў чакала цэлая гадзіна прамоваў гарадскіх і абласных чыноўнікаў. Зрэшты, выступаючы каля мікрафона, яны  не называлі сябе, а толькі распавядалі пра тое, што неабходна абараніць Беларусь ад знешніх, а галоўнае,  унутраных пагрозаў.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск