У Віцебску шукаюць стваральнікаў самага вялікага графіці
Малюнак будзе створаны на сцяне аднаго з карпусоў прадпрыемства “Вістан” – колішняга заводу заточных станкоў імя Кірава. Сцяна будынку, якую відаць з парку на другім беразе Дзвіны, заўсёды была шэрага колеру.
Гарадскія актывісты грамадска-культурніцкай установай “Vitebsk4me” вырашылі яе размаляваць. І разам з адміністрацыяй Чыгуначнага раёну Віцебску, аддзелам архітэктуры і аддзелам культуры гарвыканкаму абвясцілі мастацкі конкурс “Мой горад – мой гонар”.
Паводле ідэі арганізатараў, малюнкі маюць быць прысвечанымі Віцебску і яго гісторыі. Удзельнічаць у ім могуць як прафесійныя мастакі, так і аматары, як аднаасобна, так цэлымі творчымі калектывамі. Адзіная ўмова – малюнак у натуральную велічыню павінен выканаць сам аўтар, кажа каардынатарка праектаў “Vitebsk4me” Вікторыя Фаміна:
– Удзельнікам можа быць любы поўнагадовы жыхар Рэспублікі Беларусь і нават замежны грамадзянін, калі ён мае намер даехаць сюды. Бо ў заяўках, якія ўжо прыходзяць, іншы раз ёсць пытанне: “Вось мой малюнак, але ці яго намалюе нехта, калі што?” І мы адказваем, што не – чакаецца, што аўтар працы яе і створыць. Таму ўдзельнікам варта быць гатовымі асіліць такі аб’ём.
Падаць заяўку на ўдзел можна да з 29 лістапада, а з 2 па 6 снежня журы будзе абіраць пераможцу. Стварэнне мурала запланавана на вясну 2020 году. Але да таго часу трэба вырашыць самае галоўнае пытанне –грашовае, працягвае Вікторыя Фаміна:
– На дадзены момант мы знаходзімся ў пошуку партнёраў, таму што ў нас ёсць толькі рэсурс каманды, але рэсурсаў для стварэння самога графіці няма. Таму мы вельмі спадзяемся на зваротную сувязь ад прадпрыемстваў ці нейкіх прыватных ініцыятываў.
Калі ўвасобіць усё задуманае атрымаецца, то ў Віцебску з’явіцца самы вялікі мурал у рэгіёне, а то і ва ўсёй Беларусі. Ці нават цэлая кампазіцыя муралаў: самая вялікая сцяна мае плошчу 900 квадратных метраў, і яшчэ плануецца размаляваць 4 фрагменты будынку агульнай плошчай 312 квадратных метраў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя