У Віцебску скасавалі адміністрацыйную справу супраць незалежнага журналіста



Рашэнне скасаваць справу, пачатую супраць журналіста-фрылансера Вячаслава Лазарава, прыняў суд Кастрычніцкага раёна. Паводле міліцэйскага пратакола , журналіст  размясціў здымкі  з акцыі мірнага пратэсту 4-га кастрычніка  ў тэлеграм-канале “Белсата”,  тым самым парушыўшы парадак вырабу і размяшчэння прадукцыі СМІ”. Суд разбіраў гэтую справу ў два этапы: 20-га кастрычніка суддзя Ілля Белавус накіраваў дакументы на дапрацоўку ў міліцыю. Потым справу перадалі суддзі Мікалаю Атрахімовічу, які і скасаваў яе праз адсутнасць доказаў правапарушэння.

Вячаслаў Лазараў задаволены такім судовым рашэннем:

 -Мяне судзілі ўжо два разы перад гэтым. Але якія б доказы не былі, суддзя рабіў выгляд, што сур’ёзна разбіраецца, але вынік быў адзін і той самы – штраф. А вось каб справу спынілі – гэта, напэўна, такая справа мая першая, калі віну не змаглі даказаць.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Праваабаронца Павел Левінаў, які прысутнічаў на судзе, выказвае апасенні, што рашэнне суддзі могуць абскардзіць супрацоўнікі міліцыі:

– Пастанова гэтая яшчэ не ўступіла ў законную сілу, і ў органа адміністрацыйнага пераследу яшчэ ёсць час яе абскардзіць. Разам з тым,  сапраўды не даказана, што Лазараў нешта недзе размяшчаў. І тое, што ён вырабляе прадукцыю ў якасці СМІ, суд палічыў абсурдным меркаваннем супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Суд скасаваў справу супраць журналіста, распачатую паводле артыкула 22.9 КаАП. Аднак два дні таму Вячаслаў Лазараў быў затрыманы паводле падазрэння ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП. Ягоны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве міліцыянты даказаць не змаглі, але арыштавалі ягоную машыну — нібыта для праверкі. Але калегі мяркуюць, што такім чынам міліцыя імкнецца перашкодзіць ягонай прафесійнай дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск