У Віцебску стварылі новы мемарыял па Раману Бандарэнку



Кветкі і свечкі людзі прынеслі да помніка жыхарам Віцебска, закатаваным падчас Другой Сусветнай вайны, які стаіць каля будынка ратушы.

Ад гэтага месца сёння распачалося і шэсце ў памяць пра Рамана Бандарэнку, забітага ў Менску. Шэсце  ахапіла прастору ад ратушы да плошчы Леніна: калона прайшла там некалькі разоў, але праз  паўтары гадзіны міліцыянты зладзілі кардон, і людзі былі вымушаны разысціся. Каля дзясятка  чалавек трапілі ў пастарунак, у тым ліку журналісты –фатографы Алесь Пілецкі і Ігар Мацьвееў. Абодвух адпусцілі праз некалькі гадзінаў, але некалькі чалавек застаюцца за кратамі. Міліцыя патрулюе цэнтр горада, патрулі спыняюць мінакоў, якія ідуць па вуліцы з кветкамі, і патрабуюць тлумачэнняў. Мікрааўтобус з міліцыянтамі, а таксама некалькі міліцэйскіх машынаў сочаць за мінакамі ў раёне ратушы,  каля якой гараць свечкі і ляжаць кветкі.

Гэты новы мемарыял па Раману Бандарэнку паўстаў тут з вымушаных прычынаў. Спачатку віцябляне вырашылі, што найлепшае месца для ўшанавання ягонай памяці – гэта помнік “Боль”, усталяваны па загінулых віцебскіх воінах-“афганцах”.  12 і 13 лістапада там стаялі партрэты Рамана Бандарэнкі, гарэлі свечкі і ляжалі кветкі.

Але зараз ад гэтага ўсяго няма і знаку, а каля помніка кругласуткава дзяжурыць міліцэйская машына. Хтосьці з гараджанаў сцвярджае, што супраць ушанавання памяці забітага жыхара Менску выступілі былыя “афганцы”. Маўляў, гэтае месца памяці належыць толькі ім. Віцябляне распавядаюць, што каля помніка іх сапраўды сустракалі мужчыны ў цывільным і прасілі ўскладаць кветкі  ў іншым месцы. Ці былі гэта насамрэч былыя ўдзельнікі вайны ў Афганістане, застаецца невядомым, але ў сацыяльных сетках з’яўляюцца сведчанні ад былых “афганцаў”, што яны мемарыял не знішчалі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск