У Віцебску стварылі петыцыю супраць “савецкіх” назваў новых вуліц
З 19-га красавіка распачалося грамадскае абмеркаванне назваў вуліц у новым мікрараёне “Чаромушкі”. Гарвыканкам прапанаваў назваць тры новыя вуліцы ў гонар Першага сакратара Віцебскага гаркама КПБ Валянціна Міхельсона і Героя Савецкага Саюза, удзельніка мінулай вайны Грыгорыя Багамазава, а таксама ў гонар дзяржаўнай гарадской газеты “Віцьбічы”.
Віцяблянін Максім Жукаў стварыў петыцыю з іншай прапановай: назваць вуліцы ў памяць пра выбітных мастакоў Эль Лісіцкага, Казіміра Малевіча, Іегуды Пэна або ў памяць пра пісьменнікаў Васіля Быкава, Міхася Лынькова, Лазара Лагіна. Ці ўшанаваць у назвах вуліц навукоўцаў Жарэса Алфёрава, Аляксея Сапунова, Івана Салярцінскага. Гэта людзі, чые лёсы былі звязаныя з Віцебшчынай, і чыя дзейнасць праславіла гэтую зямлю, кажа Максім Жукаў:
– Можна было бясконца прапаноўваць, бо Віцебшчына багатая на сусветна вядомых людзей. Я прапанаваў тры варыянты, хаця можна было прыдумаць і дзесяць, і дваццаць. І гэта цікава з пункту гледжання канцэпцыі, каб быў мікрараён мастакоў або мікрараён пісьменнікаў і паэтаў, ці навукоўцаў – тых, хто непасрэдна з Віцебскам звязаны.
Такі падыход, на думку Максім Жукава, дазволіў бы адмовіцца і ад безаблічнай назвы “Чаромушкі”, якая таксама ёсць данінай савецкаму часу. У 1960-я гады “Чаромушкамі” назвалі жылы мікрараён у Маскве, збудаваны на месцы аднайменнай вёскі, і з тае пары пайшла мода называць гэтым словам новыя мікрараёны ў розных гарадах. Але сёння выбар назоваў мае быць сучасным – без вяртання ў савецкае мінулае, лічыць стваральнік петыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск