У Віцебску судзяць дзяўчыну, якая “ударыла нагой міліцэйскі мікрааўтобус”



У судзе Кастрычніцкага раёну працэс над Юліяй Кашаверавай, якую вінавацяць у хуліганстве. Інцыдэнт, які здарыўся 4-га кастрычніка мінулага году, разбірае суддзя Сяргей Будрэвіч. У той дзень у Віцебску адбывалася  мірнае нядзельнае шэсце, але міліцыянты ўжылі слезацечны газ супраць яго ўдзельнікаў і спрабавалі затрымаць некалькі чалавек. Віцябляне, у тым ліку Юлія Кашаверава, спрабавалі не дапусціць затрымання… Паводле міліцэйскага пратаколу, дзяўчына некалькі разоў ударыла нагой па мікрааўтобусе Ford Transit. У выніку гэтых дзеянняў былі пашкоджаныя заднія дзверы, сцвярджае МУС.

Ірына Траццякова

Крымінальную справу супраць Юліі Кашаверавай распачалі за парушэнне ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу, распавяла праваабаронца Ірына Траццякова:

– У абвінавачанні пракуратуры прагучала, што падчас масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў былі прычынены пашкоджанні службоваму мікрааўтобусу. Тут няма пацярпелых, толькі пашкоджанне маёмасці. Пакаранне можа быць арыштам ці абмежаваннем волі да трох гадоў, або пазбаўленнем волі ад аднаго году да шасці.

Паводле падзеяў 4-га кастрычніка супраць Юліі Кашаверавай распачалі і адміністрацыйную справу. Суд аштрафаваў яе за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 270 рублёў (10 базавых велічынь). Пашкоджанні мікрааўтобуса ацэнненыя ў суму 841 рубель.

Працяг суду адбудзецца 4-га лютага, на працэсе маюць выступіць сямёра сведкаў з боку міліцыі. 22-гадовую дзяўчыну ўжо тры месяца трымаюць пад вартай у СІЗА,  хаця яна мае прыроджаны парок сэрца.  

4 кастрычніка 2020г. Юлія Кашаверава ў зялёнай куртцы ў першым шэразе.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск