У Віцебску судзяць за акцыі памяці Рамана Бандарэнкі
У судзе Першамайскага раёна разбіралі справу Тамары Ільіной – жанчыны-пенсіянеркі, якая прыйшла ўшанаваць памяць загінулага хлопца.
Сімвалічныя акцыі, прысвечаныя памяці Рамана Бандарэнкі, прайшлі ў Віцебску 13 лістапада. На наступны дзень Тамару Ільіну забралі ў міліцыю і склалі пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП. Але спадарыня Тамара сваёй віны не прызнае:
– З мяне павінны былі абвінавачанне ўвогуле зняць. Я лічу, што я нічога не парушыла! Калі я прыйшла, людзі проста стаялі моўчкі. Нехта плакаў. Таму што гора, вы ж разумееце! Таму што столькі смерцяў – і ніводнай справы. Вінаватыя на волі, але арыштавалі лекара, журналіста… Нашы суды не незалежныя – яны залежныя! І я была гатовая ці да штрафу, ці да “сутак”.
Днямі да арышту на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі – акцыі памяці Рамана Бандарэнкі – быў асуджаны 36-гадовы Максім Каржыцкі, зараз ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Абедзве справы разбіралі ў судзе Першамайскага раёна, прычым судзіла спадара Максіма і спадарыню Тамару адна і тая суддзя Вераніка Барысава.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск