У Віцебску судзяць збіральнікаў подпісаў – як за пікет



У судзе Першамайскага раёну разбіраюць справы  студэнтаў  віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Юліі Навумавай і Цімафея Журкевіча, а таксама прадпрымальніка Сяргея Януковіча.

1-га верасня яны збіралі подпісы за сход з удзелам дэпутатаў Парламенту – каб выбарцы паслухалі  іх справаздачы ды ініцыявалі працэдуру адклікання, у выпадку неабходнасці. У той самы дзень і практычна ў тым самым месцы – каля ўніверсітэта імя Машэрава –  ладзілі акцыю салідарнасці тамтэйшыя студэнты. Міліцыя не разбіралася, хто і ў чым бярэ ўдзел: затрымалі і ўдзельнікаў акцыі, прызнаўшы яе несанкцыянаванай, і тых, хто збіраў подпісы. Апошніх – памылкова, лічыць Сяргей Януковіч:

– Ніякіх дазволаў на гэта не патрэбна, згодна з артыкулам 131 Выбарчага кодэкса. І згодна з Выбарчым кодэксам, і згодна з адказам Міністэрства ўнутраных справаў і Палаты прадстаўнікоў, гэта проста збор подпісаў. І масавым мерапрыемствам ён не лічыцца.

Юлія Навумава подпісы не збірала: прыйшла за кампанію з аднакурснікам Цімафеем Журкевічам. На думку дзяўчыны, міліцыянты знарок падалі ў пратаколах сітуацыю такім чынам, нібыта  збіральнікі подпісаў былі яшчэ й удзельнікамі акцыі салідарнасці:

-Яны хацелі прадставіць сітуацыю так, што мы нейкае дачыненне мелі да гэтай калоны, ці яна – да нас. Хацелася б, каб на судзе ўсё было чэсна – гэтую справу павінны скасаваць, і ўсё. Але мы настройваемся на ўсё, што заўгодна, бо зараз сапраўды можа быць усё, што заўгодна.

Суддзя Наталля Карабліна задавала падсудным дзясяткі пытанняў, якія не маюць дачынення да справы.

Судовы працэс цягнуўся  4 гадзіны з перапынкамі, але так і застаўся няскончаным. Вырак збіральнікам подпісаў будзе агучаны 11-га верасня, а 9-й раніцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск