У Віцебску ў прытоне затрымалі бацюшку з Расеі
У Віцебску пры штурме прытону з прастытуткамі быў затрыманы бацюшка з храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсевалжскім раёне Ленінградскай вобласці. Як паведамляе расейскі рэсурс 47news, пры ад’ездзе айцец Мікалай (у міры Мікалай Кірэеў) расказаў служкам храма ў пасёлку імя Марозава, што збіраецца наведаць манастыр у падмаскоўнай Істры.
Пры тым сваёй жонцы 39-гадовы святар нічога не паведаміў, і тая 4 жніўня звярнулася з заявай у паліцыю аб прападанні сужэнца. З яе слоў, мужчына быў апрануты ў цёмнае адзенне, пры сабе меў заплечнік з рэчамі і правіянтам, а таксама крыху грошай.
Неўзабаве паліцыянты высветлілі, што Кірэева затрымалі ў беларускім Віцебску. У абласным упраўленні Следчага камітэту Беларусі рэсурсу 47news паведамілі, што бацюшка быў затрыманы ў час спецаперацыі ў прытоне, дзе знаходзіліся прастытуткі, пры тым святар не быў наведнікам. „Усё, што мы пакуль пачулі, гэта словы „ён збіраўся вывезці дзяўчат у Санкт-Пецярбург”, – піша выданне.
Таксама рэсурс удакладняе, што беларускія следчыя збіраюцца пачаць ў дачыненні да Кірэева крымінальную справу па частцы 2 артыкулу 171 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь („Выкарыстанне занятку прастытуцыяй альбо стварэнне ўмоваў для займання прастытуцыяй, спалучанае з вывазам за межы дзяржавы асаобы для занятку прастытуцыяй”). Паводле гэтага артыкулу прадугледжана пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да дзесяці гадоў і канфіскацыя маёмасці.
скрыншот Вконтакте
Рэсурс паведамляе, што ў 2008, 2009, 2010 і 2014 годзе Мікалай Кірэеў ездзіў у Віцебск цягніком. Паводле адной з версій да сваякоў.
Па адной з інфармацый затрыманы бацюшка знаходзіцца ў Віцебску ў мясцовым ізалятары.
Афіцыйнага пацверджання гэтай незвычайнай крымінальнай гісторыі пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя