У Віцебску вандалы папсавалі графіці з партрэтам Марка Шагала



У Віцебску вандалы папсавалі графіці з партрэтам Марка Шагала. Невядомыя запэцкалі малюнак шэрай фарбай – відавочна, карысталіся балончыкам. Аднавіць графіці практычна немагчыма.

Графіці з партрэтам Марка Шагала намалявана на сцяне трансфарматарнай падстанцыі ў двары дома №38 па вуліцы Суворава. Мясцовыя жыхары кажуць, што заўважылі сляды вандалізму пару дзён таму, але тых, хто гэта зрабіў, не заспелі. Надпісы такой самай фарбай з’явіліся і на сценах бліжэйшых дамоў.  Яны зроблены непісьменна і выглядаюць як няўцямны набор літар. На думку тутэйшых насельнікаў, ніякага палітычнага падтэксту або праяваў міжнацыянальнай варожасці тут няма: графіці з выявай сусветна вядомага мастака, нараджэнца Віцебска, папсавалі звычайныя хуліганы –падлеткі. У райаадзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну паведамілі, што адміністрацыйную справу з гэтай нагоды не распачыналі, і пошукамі вінаватых не займаюцца. Аднавіць партрэт Марка Шагала бадай што немагчыма: змыць шэрую фарбу і адрэстаўраваць малюнак могуць толькі адмыслоўцы. Між тым аўтары графіці – дуэт вулічных мастакоў пад назовам StreetSkills  — цяпер жывуць у Расеі.

Свой твор  мастакі Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін падаравалі Віцебску ў ліпені 2015 года, і з тае пары ён выклікаў нязменную цікаўнасць і ў турыстаў,  і ў гараджан, якія бачылі графіці ўпершыню. Сюды прыводзілі экскурсантаў, і людзі з задавальненнем фатаграфаваліся “побач з Шагалам”. На жаль, Віцебск страціў адну з сваіх турыстычных і мастацкіх цікавостак.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя