У Віцебску – яшчэ адзін штраф “за незалежнасць”
У судзе Чыгуначнага раёна аштрафавалі Наталлю Спірыдонаву, удзельніцу акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, якая адбылася 29 снежня мінулага года.
Суддзя Алла Бардзюкова прызнала дзяўчыну вінаватай у парушэнні ч.1 арт.23.34 КаАП і пакарала яе штрафам памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў).
У той дзень паўтара дзясяткі жыхароў Віцебска выйшлі на Плошчу перамогі з раздрукаванымі літарамі, з якіх склалі слова “Незалежнасць”. Некаторыя, у тым ліку і Наталля Спірыдонава, трымалі плакаты. Дзяўчына трымала плакат са словамі «Лукашэнку – ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі!». Сваёй віны яна не прызнае:
– Я не лічу, што я чымсьці вінаватая, што зрабіла нешта дрэннае на плошчы. Я нічога там не парушала, не распівала там спіртовыя напоі, не танчыла ў п’яным стане, нікога не чапала… Наогул не разумею, чаго мяне выклікаюць на той суд і абвінавачваюць!
Для Наталлі Спірыдонавай гэта ўжо другі суд за адну і тую самую акцыю 29 снежня. На мінулым тыдні ў судзе Першамайскага раёна яе ўжо штрафавалі на 25 базавых велічынь – за заклікі ў сацыяльных сетках, каб людзі прыходзілі падтрымаць незалежнасць Беларусі на Плошчу перамогі ў Віцебску.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя