У Віцебску – яшчэ адзін штраф за слова “незалежнасць”



На 675 рублёў аштрафавалі Алену Янушкоўскую. Суд Чыгуначнага раёну прызнаў яе парушальніцай заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і суддзя Алена Цыганкова пастанавіла пакараць віцебскую блогерку і актывістку штрафам памерам 25 базавых велічынь.

Сама актывістка і вядомая блогерка Алена Янушкоўская на суд не з’явілася, бо не лічыць сябе вінаватай. І патлумачыла гэта пісьмова, кажа праваабаронца Павел Левінаў:

– Я дапамог Алене Янушкоўскай выкласці пярэчанні на прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці за рэалізацыю права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання. Яна іх накіравала ў суд, у суд яны паступілі, але да матэрыялаў справы далучаны не былі і падчас судовага пасяджэння не былі агучаныя.

Затое суддзя Алена Цыганкова, спаслаўшыся на фотаздымкі з інтэрнэту і на відэа з акцыі, заявіла, што Алена Янушкоўская трымала ў руках ажно два плакаты, хаця насамрэч такога не было.

Гэты судовы працэс стаў чарговым у шэрагу разбораў адміністратыўных справаў, распачатых супраць удзельнікаў акцыі ў падтрымку суверэнітэту Беларусі. Яна адбылася ў Віцебску 29 снежня мінулага году: паўтара дзясяткі чалавек выйшлі на Плошчу перамогі, склаўшы з раздрукаваных літар слова “Незалежнасць”. Некаторыя трымалі плакаты супраць інтэграцыі з Расеяй і сцягі –  бел-чырвона-белы і сучасны дзяржаўны. За гэта аштрафавалі ўжо 7 чалавек, агульная сума прысуджаных штрафаў складае 5 292 рублі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск