У Віцебску з „сутак” нечакана вызвалілі Аляксандра Якушкова



Актывіст «Народнай Грамады» Аляксандр Якушкоў быў вызвалены з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання, дзе адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна.

На волю ён павінен быў выйсці толькі 18 чэрвеня. Але яго выпусцілі ўжо цяпер, і без тлумачэння прычынаў, распавёў праз тэлефон Аляксандр Якушкоў:

– Сяджу я сяджу, напісаў скаргу на ўмовы ўтрымання. Прыходзіць начальнік ІЧУ, кажа: “Усё, Аляксандр Уладзіміравіч, мы вас перавядзем у нармальную камеру, толькі скаргу забярыце!” Вяртаюся з прагулкі перад абедам, мне кажуць: “Збірайцеся з рэчамі на выхад”. Думаў, у другую камеру павядуць. Прыехаў следчы з РАУСа, які мяне афармляў, забраў мяне. Усё, кажа, вы свабодны. Без тлумачэнняў, без папер, без нічога.

Свайго цяперашняга статусу Аляксандр Якушкоў не ведае. Ці трэба яму адбываць “недаседжаныя” суткі, ніхто не патлумачыў. Ён быў асуджаны да арышту суддзём Андрэем Царыкавым паводле артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую 31 траўня. Суд вырашыў, што падчас пікета адбыўся несанкцыянаваны мітынг, падчас якога Аляксандр Якушкоў трымаў гукаўзмацняльную апаратуру.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск