Шэсць гадоў пазбаўлення волі для экс-начальніка аддзела адукацыі



 Былы начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Павел Краско асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва, паведамілі БелаПАН у прэс-службе абласнога суда.

44-гадовага экс-чыноўніка абвінавацілі ў атрыманні хабару паводле частак 1 і 2 артыкула 430 КК.

Працэс па справе Краско пачаўся 7 траўня. Суд устанавіў, што хабар ён браў амаль год — з снежня 2019-га па кастрычнік 2020 года. Рабіў гэта на працоўным месцы і дома. Грошы і матэрыяльныя каштоўнасці яму перадавалі прадстаўнікі розных прадпрыемстваў Віцебска. Увогуле, згодна з звесткамі следства, ён атрымаў амаль 7,2 тыс. рублёў.

Адна фірма, паводле матэрыялаў справы, „падарыла” Краско бытавую тэхніку на 1,5 тыс. рублёў: кухонную выцяжку, газавую варачную панэль і духавую шафу.

Рашэнне суда — шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічынь (14,5 тыс. рублёў). Былы кіраўнік на працягу пяці гадоў не зможа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

У абвінавачанага канфіскавалі 2,6 тыс. рублёў і незаконна атрыманую маёмасць амаль на 3,2 тыс. рублёў.

belapan.by