У Віцебску за ўдзел у мірным маршы асудзілі 79-гадовага пенсіянера



Аляксандр Нікіценка разам з сябрам Анатолем Мацьвеевым былі затрыманыя 11 кастрычніка. На абодвух склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Судовы працэс над двума спадарамі сталага веку – аднаму 69 , а другому 79 гадоў –распачаўся яшчэ 20-га кастрычніка, але справу вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. Пасля таго, як міліцыянты выправілі памылкі ў дакументах, 20-га лістапада суд Першамайскага раёну прысудзіў афіцыйнае папярэджанне Анатолю Мацьвееву, а 1-га снежня такое ж спагнанне было прысуджана Аляксандру Нікіценку.

79-гадовы спадар упэўнены, што ні ён, ні ягоны маладзейшы сябар ні ў чым не вінаватыя:

– Суддзі – гэта як чыноўніцкая структура. А чыноўнік чым карысны? Тым, што ён выконвае загады свайго кіраўніцтва. Лукашэнка сказаў, каб разбіраліся больш жорстка. І яны робяць больш жорстка, бо куды ім падзецца. Інакш яны заўтра застануцца без працы, а некаторыя суддзі іншай працы і не ўяўляюць.

Абодвух пенсіянераў абвінавацілі ў тым, што яны “ішлі ў калоне”. Аднак Аляксандр Нікіценка на судзе запярэчыў: маўляў, у калоне яны не хадзілі, але падышлі, каб запытацца ў моладзі пра іхныя ідэі і мэты шэсця. Спадары Анатоль і Аляксандр актыўна цікавяцца палітыкай, сябруюць ужо больш за 30 год, а пазнаёміліся яшчэ 1980-я, на пасяджэнні віцебскага клуба “За дэмакратычныя выбары”. Судовы працэс над імі выклікаў вялікі грамадскі рэзананс, бо Анатоль Мацьвееў і Аляксандр Нікіценка – найстарэйшыя з усіх, каго звінавацілі за ўдзел у паслявыбарчых мірных пратэстах.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск