У Віцебску зафарбавалі БЧБ-сцяг на балконе



Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Пунько правёў 7 сутак у ІЧУ за малюнак БЧБ-сцяга на сваім балконе. Суд вырашыў, што гэта несанкцыянаваны пікет, і прызнаў яго вінаватым па ч.3 арт. 23.34. Уладзіміра прасілі зафарбаваць малюнак самастойна, аднак ён адмовіўся: „Лічу, што не парушаю ніякіх законаў”.

— Я тлумачыў суддзі, што малюнак на балконе — не сцяг, проста гэта прыгожа. Спытаў у яе, якую канкрэтна норму заканадаўства я парушыў. Суддзя задумалася, памаўчала і адказала: „Суду пытанняў не задаюць”, — расказаў Уладзімір Пунько TUT.BY.