У Віцебску затрымалі 8 чалавек, якія «кармілі галубоў» 3 траўня



Алег Баразна і Аляксей Саламаненка былі затрыманыя 7 траўня, яшчэ шасцёра – сёння, 8 траўня. Вядомае імя толькі аднаго з сённяшніх затрыманых, гэта Аляксандр Іллінец, віцебскі сябар Партыі БНФ. З 14.30 ягоны тэлефон адключаны, і сябры мяркуюць, што сённяшніх затрыманых пакінулі пад вартай да наступнага панядзелка – каб выключыць нейкія эксцэсы 9-га траўня і перадухіліць чарговае «кармленне галубоў» у нядзелю 10-га траўня.

Віцебск толькі нядаўна далучыўся да акцый грамадскай салідарнасці – «кармлення галубоў» – на ўзор Берасця. У мінулую нядзелю некалькі чалавек сабраліся ў раёне плошчы Перамогі і прайшлі – не калонай, а па адным-па два чалавекі – да гандлёвага цэнтру «Марка Сіці», дзе ўласна і пакармілі гарадскіх птушак. Потым скіраваліся да будынка Віцебскага гарвыканкама, тэатра «Лялька» і спыніліся каля скульптурнай кампазіцыі з казачным героем Хатабычам. Там вырашылі загадваць запаветныя жаданні. Уголас іх не называлі, але падчас, праходкі па горадзе размовы вяліся пра праблемы, звязаныя з пандэміяй каронавірусу і пра непажаданы парад перамогі ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск